История Минского областного краеведческого музея


Гісторыя Мінскага абласнога краязнаўчага музея налічвае крыху больш за 60 гадоў. 31 ліпеня 1959 г. паводле рашэння № 422 выканаўчага камітэта Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных быў створаны Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей. Пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці згодна рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 09.02.1960 № 57 музей быў перайменаваны ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, з 2001 г. - дзяржаўная ўстанова "Мінскі абласны краязнаўчы музей".

Першапачаткова музей размяшчаўся ў аднапавярховым драўляным будынку пабудовы 1951 г. па вул. Рэвалюцыйнай, 125 (цяпер – вул. Лібава-Роменская). Пачынаўся практычна з нуля. Навуковыя супрацоўнікі на чале з першым дырэктарам Г.М.Паўлавай заклалі асновы будучых фондавых збораў.

24 красавіка 1964 г. была адкрыта першая экспазіцыя, пра якую Г.А.Каханоўскі, вядомы беларускі вучоны, які працаваў у музеі з 1963 па 1982 г. (навуковы супрацоўнік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, дырэктар), успамінаў: “Гэта была амаль выстаўка, бо колькасць экспанатаў не перавышала 2 тысячы”. Наступныя змены стацыянарнай экспазіцыі адбыліся ў 1979 і ў 1984 гг. Усе яны былі пабудаваны, як гэтага патрабаваў час, строга па храналагічным прынцыпе. У пачатку 1990-х гг. музей пайшоў па шляху стварэння доўгатэрміновых выставак, пры пабудове якіх выкарыстоўваліся розныя метады: тэматыка-храналагічны, ансамблевы, калекцыйны.

У 2006 г. музей атрымаў новы будынак па вул. Партызанская, 3 у г.Маладзечне. Да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сельскай гаспадаркі "Дажынкі-2011" у гэтым будынку адкрылася першая чарга пастаяннай экспазіцыі, у якой раскрываюцца самыя цікавыя і значныя падзеі ў гісторыі Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя.

Асноўны фонд музея па стану на 01.01.2023 налічвае 52 385 музейных прадметаў і размеркаваны па 37 фондавых калекцыях. Фонд навукова-дапаможных матэрыялаў налічвае 28719 адзінкі захоўвання.

Кожны год у музеі экспануецца больш за 20 мастацкіх і тэматычных часовых экспазіцый з уласных фондаў і фондаў іншых устаноў, праводзяцца разнастайныя культурна-адукацыйныя і культурна-асветніцкія мерапрыемствы.

У розныя гады музеям кіравалі: Г.М.Паўлава, В.І.Носаў, Г.А.Каханоўскі, В.А.Ляшковіч, С.І.Марозаў, Т.С.Чаброўская, T.Л.Лянкевіч, Р.Г.Казановіч. З красавіка 2019 г. А.А.Чарнецкая.