Майстар — клас у рамках выстаўкі «Дрэва жыцця»

У Мінскім абласным краязнаўчым музее у рамках ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2022" 10 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Дрэва жыцця" суместна з УА "Малаладзечанскі дзяржаўны музыкальны коледж імя М. К. Агінскага", якое суправаджаў майстар-клас.
Стваральніцай маладзечанскай школы выцінанкі з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава. Адраджэнне мастацтва выразання з паперы пачалося ў 1987 годзе ў дзіцячай мастацкай школе, куды яна прыйшла працаваць. А ў 1995 годзе пры Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цыклавую камісію якога ўзначаліла Чырвонцава В.М.
Адным з напрамкаў навучання стала выцінанка. Багаты творчы і педагагічны вопыт Вікторыі Мікітаўны дазволіў стварыць абгрунтаваную методыку выкладання выцінанкі і вучэбныя праграмы для мастацкіх школ і аддзяленняў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сярэдніх спецыяльных мастацкіх устаноў.
На працягу існавання цыклавой камісіі ўдасканальваўся вучэбны працэс, вялася даследніцкая праца па вывучэнню беларускага арнаменту, сімвалізму выяў і тэхнічных прыёмаў выразання з паперы. У 2001 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была зацверджана вучэбная праграма па выцінанцы. На сённяшні дзень Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага з’яўляецца адзінай установай ў рэспубліцы і за яе межамі , дзе прафесійна выкладаецца выцінанка.
Майстры маладзечанскай школы абапіраюцца на набыткі культурнай нацыянальнай спадчыны, традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Для школы характэрны складаныя тэматычныя кампазіцыі з выразнай структурай, стылізацыяй вобразаў і ажурных арнаментаў. Нярэдка сустракаецца эксперыментальнае вырашэнне з матэрыялам, колерам, відам афармлення. Склаўся шэраг тыповых сюжэтаў: святы беларусаў, міфалагічныя персанажы, народныя строі, архітэктурныя беларускія помнікі, архетыпічныя і арнаментальныя сімвалічныя вобразы, традыцыйныя кветкавыя кампазіцыі. Выцінанкі маладзечанскіх майстроў адрозніваюцца выкарыстаннем асобных характэрных элементаў, тэхнічных прыёмаў, стылістычных вырашэнняў. Але ў той жа час кожны майстар мае сваю індывідуальную адметнасць і стылізацыю.
Сёння асноўнымі носьбітамі традыцый школы з’яўляюцца выкладчыкі цыклавой камісіі ДПМ Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, сярод якіх два народныя майстры Беларусі – Людміла Валковіч-Борыс і Лізавета Чырвонцава, і настаўнікі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г.Маладзечна. Яны распаўсюджваюць веды аб гэтым народным традыцыйным мастацтве, удзельнічаюць у майстар-класах, выставах, семінарах, форумах, конкурсах, сімпозіумах, пленэрах.
Выкладчыкі цыклавой камісіі арганізоўваюць на базе каледжа семінары і адкрытыя мерапрыемствы для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстроў і аматараў выцінанкі не толькі вобласці, але і ўсёй рэспублікі. Ужо стала традыцыяй праводзіць раз у два гады Рэспубліканскі творчы форум “Выцінаем разам”, які аб’ядноўвае майстроў з розных куткоў Беларусі.
У 2021 годзе мастацтва выцінанкі атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

640