Акрыццё выставы скульптуры і графікі "Спявак культуры краю" А.Фінскага

Па праграме ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2021» у Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася персанальная выстава скульптара, ураджэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага «Спявак культуры краю».
Імя Аляксандра Фінскага добра вядома маладзечанцам. Пры ўездзе ў горад з боку Мінска ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Пакроў Прасвятой Багародзіцы» – духоўны сімвал Маладзечна. Ля Палаца культуры – экалагічны знак «Зямля і неба». Цяпер каля паўсотні работ вядомага скульптара прадстаўлена на выставе ў музеі.
— Зрабіць выстаўку скульптуры даволі складана. Такія выставы нячаста і ў Мінску ладзяцца, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. — А тое, што яна праходзіць у Маладзечне ў рамках шматлікіх мерапрыемстваў фестывалю беларускай песні і паэзіі, невыпадкова. Спецыяльна для гэтай выставы было створана некалькі работ, у тым ліку прысвячэнне Мулявіну «Крык птушкі». Розныя віды мастацтва гарманічна спалучаюцца ў маім жыцці. З вялікім хваляваннем адношуся да музыкі, якую лічу найвялікшым мастацтвам, мой сын — піяніст, жонка — канцэртмайстар.

762