Прэзентацыя праекта Мінскага абласнога краязнаўчага музея на IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»

4-6 кастрычніка ў Брэсце прайшоў IV Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у якім прыняў удзел і Мінскі абласны краязнаўчы музей. У экспазіцыі форума ДУ “МАКМ” прадставіў праект "Музейны альбом: гісторыя і памяць малой радзімы".

У альбоме прадстаўлены фотаздымкі і паштовыя карткі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з фондаў дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці: ДУ "Мінскі абласны краязнаўчы музей", ДУ "Барысаўскі аб’яднаны музей", ДУ "Валожынскі краязнаўчы музей", ДУ "Вілейскі краязнаўчы музей", ДУ "Дзяржынскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей", ДУК "Музей-сядзіба "Дзяржынава", ДУК "Жодзінскі краязнаўчы музей", ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе", ДУ "Івянецкі музей традыцыйнай культуры", ДУ "Музей гісторыі Клеччыны", ДУ "Капыльскі раённы краязнаўчы музей", ДУ "Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей", ДУ "Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў", ДУ "Любанскі музей народнай славы", ДУ "Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей", ДУК "Салігорскі краязнаўчы музей", ДУ "Слуцкі краязнаўчы музей", ДУ "Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей", ДУ "Уздзенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей", ДУ "Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей", ДУ "Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь".

Для кожнага чалавека малая радзіма – гэта горад, пасёлак ці вёска, з якімі звязаў яго лёс. Тут прайшло дзяцінства або яго працоўнае жыццё. А што азначае малая радзіма для музейнага работніка? Гэта ўсе населеныя пункты: і вялікі горад, і маленькая вёсачка рэгіёна, дзе знаходзіцца музей.

Гісторыю і памяць малой радзімы музеі захоўваюць у сваіх фондах. Гэта нямыя сведкі гісторыі: кнігі, дакументы, рэчы ўжытку і, вядома, фотаздымкі і паштоўкі. Дзякуючы ім мы датыкаемся да крупінак гісторыі малой радзімы, захоўваем памяць і пра населеныя пункты, і пра людзей, якія жылі ў той час.

652