Мінскаму абласному краязнаўчаму музею — 60 год

31 ліпеня 2019 г. Дзяржаўнай установе «Мінскі абласны краязнаўчы музей» спаўнілася 60 год.

31 ліпеня 1959 г. пастановай Выканаўчага камітэта Маладзечанскага абласнога савета дэпутатаў працоўных № 422 было прынята рашэнне аб заснаванні нашага музея. Першапачаткова музей меў назву ДУ «Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей». Пасля скасавання ў 1960 годзе Маладзечанскай вобласці музей перайшоў у падпарадкаванне Мінскіх абласных органаў культуры і атрымаў сучасную назву. Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 26 красавіка 1964 г.

Шмат часу музей знаходзіўся па адрасе вул. Лібава-Роменская 125. З 2006 г. ДУ «МАКМ» працуе ў новым будынку па адрасе вул. Партызанская 3. Новы будынак музея пабудаваны па праекту архітэктара Ігара Мікалаевіча Байцова (1936 - 2018 гг.)

У верасні 2011 г. адчынена новая экспазіцыя «Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку XX ст.». Экспазіцыя пабудавана па храналагічным прынцыпе са спалучэннем тэматычнага і ансамблевага метадаў. У музеі распрацаваны аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі, курс «Маладзечназнаўства», цыклы заняткаў «Прырода і мы». Па выніках 2018 года зборы музея складаюцца з 78578 музейных прадметаў, з іх больш за 50 тысяч — асноўнага фонду, размеркаваныя па 36 калекцыям.

У розныя перыяды музеем кіравалі: Г. М. Паўлава, В. І. Носаў, Г. А. Каханоўскі, В. А. Ляшковіч, С. І. Марозаў, Т. С. Чаброўская, T. Л. Лянкевіч, Р. Г. Казановіч. З красавіка 2019 г. А. А. Чарнецкая.