Фонды Мінскага абласнога краязнаўчага музея

Зборы музея складаюцца з 79084 музейных прадметаў (на 2019.12.31), з іх 50847 — асноўнага фонду, 28237 — навукова-дапаможнага фонду. У фондзе музея 36 калекцый, самыя буйныя з якіх калекцыя "Археалогія" (звыш 12 тысяч адзінак захоўвання) і калекцыя "Скарбы" (звыш 9 тысяч адзінак захоўвання).

Сярод унікальных прадметаў:

  • Сярэбраная шыйная грыўна балцкага тыпу VII—X стст.,
  • Скарб арабскіх срэбраных дзірхем IX—X стст.,
  • Залатое скроневае кальцо дрыгавічоў XII—XIII стст.,
  • Вырабы са шкла, скуры, косці (XI—XII стст.),
  • Кафля з Маладзечанскага, Заслаўскага і Гарадоцкага (Маладзечанскі раён) замкаў (XVI—XVII стст.),
  • Скарб з 5683 манет, які знойдзены ў Маладзечанскім раёне ў 1971 г. каля вёскі Мароські, — з ліку самых буйных скарбаў Беларусі,
  • Залататканы кунтушовы пояс Слуцкай мануфактуры 1760—1776 гг.,
  • Залататканы кунтушовы пояс Слуцкай мануфактуры 1762—1790 гг.,
  • Старадрукі з Нясвіжа і Масквы XVII—XVIII стст.,
  • Дакументы XVII—XVIII стст.,
  • Грамата Віленскага ўніверсітэта З.Д.Хадакоўскаму аб дапамозе ў зборы славянскіх старажытнасцей 1818 г.,
  • Поўны бант Георгіеўскага кавалера 1914—1917 гг.,
  • Самаробны сярэбраны медаль "За отвагу" партызанскай брыгады імя Ракасоўскага.

У музеі захоўваюцца абразы канца ХІХ—пачатку ХХ стст., матэрыялы пра Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і яе выпускнікоў, Беларускую гімназію імя Ф.Скарыны ў Радашковічах, грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі 1920—1930-х гадоў, першыя выданні твораў М.Танка, М.Машары, М.Васілька, А.Іверса, дакументы і асабістыя рэчы Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Міншчыны.

У музеі сабраны калекцыі прылад працы і сялянскага побыту ХІХ—ХХ стст., народнага ткацтва, івянецкай і радашковіцкай керамікі, барысаўскага крышталю, работы народных майстроў разьбы па дрэве, саломапляценню, выцінанцы. Сярод графічных і жывапісных работ творы Л.Асецкага, А.Кашкурэвіча, В.Шаранговіча, Ю.Герасіменкі, М.Купавы, А.Лось, М.Аўчыннікава, Я.Раздзялоўскай, К.Харашэвіча, Л.Дударэнкі, А.Пашкевіча.

Галоўнымі задачамі навукова-фондавай работы музея з'яўляецца фарміраванне музейнага фонду, забеспячэнне яго захаванасці і стварэнне ўмоў для іх шырокага грамадскага выкарыстання.