Пастаянная экспазіцыя "Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку XX ст."

30 верасня 2011 года ў музеі працуе пастаянная экспазіцыя "Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя". Яна размясцілася на плошчы ў 175 кв.м. У ёй прадстаўлена каля дзвюх тысяч экспанатаў. Галоўнай асаблівасцю экспазіцыі з'яўляецца само афармленне залы. Спалучэнне традыцыйных і нетрадыцыйных канструкцый вітрын, іх каляровае рашэнне, асаблівасці асвятлення і чатырохметровыя банеры ствараюць асаблівы эмацыйны фон экспазіцыі. Дзякуючы такому архітэктурна-мастацкаму рашэнню экспазіцыя не выглядае перанасычанай, у ёй прысутнічае густ і пачуццё меры. Экспазіцыі папярэднічае габелен "Старажытныя гарады Мінскай вобласці", выраблены на замову музея на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М.Кішчанка (мастак Э.Рымаровіч).

Пачынаецца экспазіцыя з раздзела "Першабытнаабшчынны лад на тэрыторыі Міншчыны і пераход да феадальных адносін". Гэта адпраўны пункт гісторыі краю, ён жа з'яўляецца асновай экспазіцыі і таму размяшчаецца ў цэнтры залы. Экспазіцыя знаходзіцца ў замкнёнай прасторы і стварае своеасаблівую "залу ў зале". Тут прадстаўлены артэфакты эпохі мезаліту, неаліту, бронзавага веку, часу пераходу да металургіі жалеза, матэрыялы раскопак курганных могільнікаў і курганоў-жальнікаў. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае створаная ў гэтай замкнёнай прасторы атмасфера археалагічных даследаванняў на возеры Сялява Крупскага раёна, дзе ў культурным пласце пераплялася гісторыя некалькіх тысячагоддзяў ад неаліту да феадалізму: амулеты з рэбраў і іклаў жывёл, крэмневыя і жалезныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожванні. Завяршае раздзел карта археалагічных раскопак на тэрыторыі Мінскай вобласці, якія былі праведзены Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з музеем.

Наступны раздзел экспазіцыі "Край у складзе старажытнарускай дзяржавы Х—ХІІ стагоддзяў" прысвечаны найстарэйшым гарадам Мінскай вобласці, якія ўзніклі на землях Полацкага княства — Заслаўі, Мінску, Барысаве, Лагойску. Унікальны экспанат гэтага раздзелу - залатое скроневае кальцо дрыгавічоў ХІІ—ХІІІ стст. з раскопак Стара-Барысава. Шкляныя каралі і бранзалеты знаёмяць з гарадской культурай ранняга сярэднявечча.

Раздзел "Міншчына ў складзе Вялікага Княства Літоўскага" прадстаўляюць комплексы матэрыялаў ХIV-XVI стагоддзяў, знойдзеныя пры раскопках Маладзечанскага і Гарадоцкага замкаў. Тут экспануюцца партрэтныя і сюжэтныя кафлі, выкананыя ў рэнесанснай манеры італьянскіх майстроў з горада Фаэнца.

Раздзел "Край у складзе Рэчы Паспалітай" прадстаўлены срэбнымі манетамі ХVI—XVII стагоддзяў, якія выкарыстоўваліся ў гандлі з краінамі Заходняй Еўропы. Таксама ў раздзеле можна ўбачыць комплекс матэрыялаў з раскопак Рынкавай плошчы Нясвіжа. Культура краю XVI—XVIII вв. ўвасобілася ў старадрукаваных кнігах друкарняў Нясвіжа, Вільні, Каліша, Сандаміра, геральдычных кафлях ХVII стагоддзя Заслаўскага замка, драўлянай скульптуры XVIII стагоддзя з Нясвіжскага фарнага касцёла Божага Цела, і ўнікальнага залататканага кунтушовага пояса Слуцкай мануфактуры 1760—1776 гг.

У самым вялікім раздзеле экспазіцыі "Міншчына ў складзе Расійскай імперыі" прадстаўлены комплекс матэрыялаў аб трох падзелах Рэчы Паспалітай, вайне 1812 года са зброяй і амуніцыяй рускай і французскай армій, ўзнагародамі і памятнымі медалямі ў гонар перамогі над Напалеонам.

Гаспадарчае развіццё рэгіёну ў другой палове ХIX—пачатку ХХ стагоддзя адлюстроўваюць дакументальныя матэрыялы аб адмене прыгоннага права, памятныя медалі і нагрудныя знакі сельскай адміністрацыі, комплекс матэрыялаў аб будаўніцтве і дзейнасці Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак. Развіццё прамысловасці прадстаўлена дакументамі і вырабамі ганчарных майстэрняў Івянца і Ракава, Ільянская шкляной мануфактуры (Вілейскі раён), барысаўскіх запалкавых фабрык "Бярэзіна" і "Вікторыя", барысаўскага крыштальнага завода. Аб народнай асвеце другой паловы ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя распавядаюць дакументы аб заканчэнні царкоўна-прыходскай школы, народных пачатковых вучылішч, фатаграфіі і падручнікі навучэнцаў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, адкрытай ў 1864 годзе, адной з першых у Расійскай імперыі.

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі можна ўбачыць, як выглядала тыповая гасцёўня шляхецкай сядзібы канца XIX стагоддзя. Яна знаходзіцца ў раздзеле "Культура Міншчыны канца ХIX—пачатку ХХ стагоддзя". У інтэр'ер арганічна ўпісаліся копіі работ мастакоў — ураджэнцаў Мінскага краю І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, А.Гараўскага, Н.Сілівановіча, Ф.Рушчыца, партрэты кампазітараў М.К.Агінскага, С.Манюшкі і ноты "Чатырох песенек" (аўтар С.Манюшка) 1875 г. на кабінетным піяніна ХІХ стагоддзя фірмы "Шутц і Брыг" (г. Брэслаў). У экспазіцыю ўвайшлі творы У.Сыракомлі, І.Ходзька, Я.Купалы, Ядвігіна Ш., А.Міцкевіча, Ф.Багушэвіча.

Раздзел "Рэлігійныя канфесіі" прысвечаны хрысціянству, ісламу і юдаізму, якія былі распаўсюджаны на тэрыторыі Міншчыны на працягу стагоддзяў. Тэма "Хрысціянства" прадстаўлена комплексам дакументаў, абразоў, прадметаў культу, дэталямі ўборы праваслаўных і каталіцкіх святароў. Экспанаты тэмы "Іслам" знаёмяць з духоўнай культурай прадстаўнікоў аднаго з нацыянальных груп — татараў. Тут можна ўбачыць друкаваны Каран пачатку ХІХ стагоддзя і малітоўнік хама. Матэрыялы тэмы "Юдаізм" прадстаўляюць духоўныя традыцыі і культуру габрэяў, якія пасяліліся на беларускіх землях з ХVI стагоддзя. Комплекс матэрыялаў распавядае пра знакамітую Валожынскую ешыву. Шырока прадстаўлены культавыя прадметы габрэяў Беларусі, якія выкарыстоўваліся пры набажэнствах: таліт, тфілін, менора, ханукія, мезуза, шабатныя падсвечнікі. Вялікую цікавасць выклікаюць рукапісны скрутак Торы ХVIII стагоддзя і рытуальны рог шафар.

Завяршае экспазіцыю тэма "Гарадскі і сялянскі побыт канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя". Там можна даведацца, што насілі, як абстаўлялі свой дом і якімі прадметамі побыту карысталіся жыхары Міншчыны сто гадоў таму. У экспазіцыі дэманструецца жаночы гарадскі касцюм, сталовы посуд, бытавыя рэчы і фотаздымкі таго часу. Таксама ў музеі можна атрымаць уяўленне аб народных рамёствах беларусаў. У экспазіцыі знаходзяцца даматканыя рэчы, дэталі народнага касцюма, музычныя інструменты — абавязковы атрыбут каляндарных земляробчых абрадаў, керамічны і драўляны посуд, які адрозны гарманічнасцю формаў.

Галоўная мэта экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея — прымусіць думаць, аналізаваць і ганарыцца гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі.