Гісторыя Мінскага абласнога краязнаўчага музея

Дзяржаўная ўстанова "Мінскі абласны краязнаўчы музей" (першапачаткова "Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей") заснаваны ў г. Маладзечна пастановай Выканаўчага камітэта Маладзечанскага абласнога савета дэпутатаў працоўных № 422 ад 31 ліпеня 1959 г. Пасля скасавання ў 1960 годзе Маладзечанскай вобласці музей перайшоў у падпарадкаванне Мінскіх абласных органаў культуры і атрымаў сучасную назву. Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 26 красавіка 1964 г., некаторыя свае працы падарылі музею мастакі К.Харашэвіч, А.Пупко, пазней — Ю.Герасіменка-Жызнеўскі, М.Купава, А.Марачкін, М.Аксельрод, А.Пашкевіч і інш.

Шмат экспанатаў атрымана з археалагічных раскопак вядомых археолагаў — дактароў гістарычных навук Л.Д.Побаля, Г.В.Штыхава, кандыдатаў гістарычных навук М.М.Чарняўскага, А.Р.Мітрафанава, Ю.І.Драгуна, М.М.Ткачова.

Пасля адкрыцця экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея, разгарнулася шырокая навукова-асветніцкая дзейнасць. Акрамя традыцыйных экскурсій, для жыхароў вобласці праводзіліся выязныя лекцыі, сустрэчы. Камплектаванне і апрацоўку калекцый, а таксама іх папулярызацыю праводзіў невялікі па колькасці штат супрацоўнікаў, які доўгі час узначальваў Г. А. Каханоўскі. Акрамя захавання музейных калекцый, супрацоўнікі рупіліся аб выяўленні і ахове нерухомай гістарычна-культурнай спадчыны. Першая экспазіцыя была амаль выстаўкай бо колькасць экспанатаў не перавышала двух тысяч. Пошукі новых гістарычных матэрыялаў далі магчымасць ў 1979 годзе цалкам перарабіць экспазіцыі па аддзелах гісторыі і прыроды.

У 1986 годзе ў фондах музея ўжо налічваліся 45 тысяч экспанатаў, з іх 30 тысяч адзінак асноўнага фонду. На працягу 1970—1980-х гг. адбыліся новыя папаўненні: музей прыняў адзін з буйнейшых скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, які налічваў 5768 манет ХVІ—ХVІІ стст. з в. Мароські Маладзечанскага раёна; адзін са старажытных дакументаў напісаных на старабеларускай мове — "Вопіс на дарэнне зямлі ў карысць Хохлаўскай царквы", зроблены князем С. Кішкам у 1607 г.; драўляную скульптуру "Распяцце" ХVІІ ст. з в. Ілья Вілейскага раёна; драўляную скульптуру "Кцітар» ХІХ ст. з Нясвіжскага касцёла Божага Цела; старадрук "Тлумачэнні да твораў Цыцэрона" з Нясвіжскай друкарні Радзівілаў 1762 г.; самаробны партызанскі медаль "За заслугі" і інш.

У 2006 годзе музей пачаў працаваць у новым будынку. У старым будынку музея плануецца адкрыць яго філіял — "Музей прыроды". У верасні 2011 г. адчынена новая экспазіцыя "Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку XX ст.". Экспазіцыя пабудавана па храналагічным прынцыпе са спалучэннем тэматычнага і ансамблевага метадаў. У музеі распрацаваны аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі, курс "Маладзечназнаўства", цыклы заняткаў "Прырода і мы". Па выніках 2021 года зборы музея складаюцца з 80292 музейных прадметаў, з іх 51750 — асноўнага фонду, размеркаваныя па 36 калекцыям.

У розныя перыяды музеем кіравалі: Г.М.Паўлава, В.І.Носаў, Г.А.Каханоўскі, В.А.Ляшковіч, С.І.Марозаў, Т.С.Чаброўская, T.Л.Лянкевіч, Р.Г.Казановіч. З красавіка 2019 г. А.А.Чарнецкая.